МЯ́ДЗЕЛЬСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 15 — пач. 18 ст. Пабудаваны на месцы гарадзішча 11—14 ст. на востраве воз. Мястра. Складаўся з мураваных вежы, палаца і знешняга абарончага комплексу. Меў круглую ў плане вежу-данжон. Яе знешні дыяметр 17,5 м, унутраны — 10 м, таўшчыня сцен каля 3,5 м. Паводле малюнка з карты ВКЛ (1613) Т.Макоўскага вежа мела некалькі (верагодна, 5) ярусаў і дасягала выш. 30 м. Па сваіх параметрах яна была блізкая да Камянецкай вежы. У 16 ст. да вежы з З прыбудаваны прамавугольны мураваны палац. Пляцоўка М.з. была абведзена мурам з валуноў на вапне. З усх. боку таўшчыня замкавых муроў 2 м, з астатніх бакоў, прыкрытых возерам, — 1,5—1,7 м. Асн. ўпор у абароне замка рабіўся на 5 мураваных паўкруглых бастэй, разлічаных, відаць, на размяшчэнне тут гармат для стральбы ўздоўж сцен. Бастэі М.з. лічацца самымі раннімі на Беларусі і папярэднічаюць бастыёнам. У паўд.-ўсх. куце замка выяўлены падмурак цыліндрычнай вежы дыяметрам 10 м і сцены 2-метровай таўшчыні. На малюнку Макоўскага зафіксаваны 3 вежы. На замкавым дзядзінцы стаялі гасп. пабудовы, жылыя дамы. У 17 ст. замак дадаткова ўмацаваны ніжнім поясам абароны — земляным валам з бастыёнамі і ровам, які запаўняўся вадой з возера. Бастыён і вал адсутнічалі толькі з усх. боку, дзе да замка блізка падступала возера. Сувязь з берагам ажыццяўлялася па драўляным мосце на палях. М.з. — прыклад спалучэння асаблівасцей зах.-еўрап. фартыфікацыі з мясц. абарончымі элементамі. Разбураны ў час Паўн. вайны 1700—21.
М.А.Ткачоў.
т. 11, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)